пазакласнае чытанне

Усім! Усім! Усім!

Урок пазакласнага чытання "У госці да лясных жыхароў..." Жадаю плённа падрыхтавацца!




Вол і асёл
       Жылі на адным двары вол і асёл. Вол рабіў цяжкую работу -- у ярме хадзіў, а асёл толькі калі-нікалі гаспадара ў павозцы вазіў.
       Вось аднаго разу прыйшоў з работы вол, цяжка ўздыхнуў.
       -- Чаго ты, вол, уздыхаеш? -- пытаецца асёл. -- Мала сена гаспадар падкінуў, ці што?
       -- Не, брат асёл, -- адказвае вол, -- сена не мала. Ды ўспомніў, што і заўтра цаліну араць трэба. А гэта, браток, не песьні табе сьпяваць -- і-а, і-а...
       -- Э, -- кажа асёл, -- нас, аслоў, дурнямі лічаць, а ты яшчэ дурнейшы, дык і цягаеш сваё ярмо дзень пры дні.
       -- А што? Ты за мяне пацягнеш?
       -- Яшчэ чаго захацеў! -- сказаў асёл. -- Хопіць мне і калёс.
       Вол махнуў хвастом.
       -- Ат, не можаш памагчы, дык лепш памаўчы.
       Асёл памаўчаў, а потым зноў за сваё ўзяўся:
       -- Хочаш, навучу цябе, як ад ярма выкруціцца?
       Вол натапырыў вушы, зацікавіўся:
       -- Ну, ну, навучы, брат асёл. Хоць бы дзень-другі ў хляве адстаяцца ды адляжацца.
       -- Заўтра, як вывядзе цябе гаспадар з хлява, вазьмі ды закульгай: скачы на трох нагах. Вось ён і не паедзе араць на табе.
       Ну, вол так і зрабіў, як асёл навучыў.
       Паглядзеў назаўтра гаспадар на кульгавага вала, пачухаў патыліцу:
        -- Што ж рабіць? У нас вунь яшчэ ворыва колькі, а ты закульгаў! Ці не запрэгчы хіба асла? Ён, нябось, выгуляўся, у хляве стоячы.
        І запрог гаспадар асла ў плуг.
Недарэмна ж кажуць: "Навучыў на сваю голаву!"

 Князь-карась 
На дне разгульвае карась,
Ва ўсім бліскучым, быццам князь.
І пёркі флікерам гараць –
Вачэй ніяк не адарваць.
Якраз употай, скрытна так,
За ім цікуе злы шчупак.
Заўважыў небяспеку “князь”,
Зарыўся з галавой у гразь.
Не, карась зусім не горды,
Проста ён такой пароды:
Тут ніякае заганы –
Гэта ж гразевая ванна!
Карася яна, паверце,
Выратоўвае… ад смерці.



1.  Пад хвоямі,
Пад смолкамі
Ляжыць
Клубок з іголкамі.

1.     Ён па лесе скок ды скок
Косіць вокам з боку ў бок.
У дупле вавёрка – шчоўк,
А яму здаецца – воўк.

3.  Жоўтая гаспадыня
     З лесу прыйшла,
     Усіх курэй пералічыла
     Ды з сабой  панясла.

4.З барадою, а не стары, з рагамі, а не бык. 

5.Усіх возіць, а сам пехатою ходзіць. 



6.Стаіць капна. Спераду вілы, а ззаду мятла. 
     7.    Не доктар, а дрэвы лечыць? 
    8.    Шапачка маленькая, кафтанік рабенькі, ды ходзіць босанькі? 
    9.    Што з а прыгажуня футра рыжае апранула, арэшкі грызе ды нікому не дае?

Прапаную пачытаць:
Курачка-рабка 
Як курачка пеўніка ратавала 
Лісіца-хітрыца
 Як кот звяроў напалохаў 
Хітры вол 
Чаму барсук і лісіца ў норах жывуць
 Ганарыстая варона 
Казка пра быка і яго сяброў 
Пшанічны каласок 
Жаронцы 
- See more at: http://prastora.by/knihi/zalataia-iablynka-bielaruskiia-narodnyia-kazki#sthash.NBgx1vNh.dpuf

Увага!!!!!!!!!!! 

Рыхтуемся да пазакласнага чытання па тэме

 "Беларускі фальклор" 


Прапаную пазнаёміцца з мультфільмам "Дзед"

      Вусная народная творчасць — важнейшая частка духоўнай культуры народа – надзвычай добра захавалася не толькі ў памяці беларусаў, але і ў актыўным побыце, адыграла вялікую ролю ў нацыянальнай самасвядомасці, ў развіцці літаратуры і мастацтва; яна плённа ўплывае і сёння на працэсы нацыянальнага адраджэння.

Шчасце

беларуская народная казка
 

     Жылі два браты: адзін багаты, другі бедны. Гэты багаты і працаваў, здаецца, горш, а жыў добра; ну а бедны быццам і хораша працаваў, а жыў цяжка – не шэньціла яму ні ў чым. 
З дня ў дзень бедны ўставаў рана. Глядзіць – а ў брата ўся работа ўжо зробленая. Усё той брат наперадзе. 


Ну, прычакалі яны раз час ды паехалі сеяць жыта. Бедны брат парупіўся, каб раней устаць. Прыехаў ён да сваёй паласы яшчэ цёмна, чуе – сеецца братава жыта, чвікаюцца зярняты аб сяўно, і не відаць хто робіць, бо цёмна. І колькі бедны не спрабаваў апярэдзіць брата - нічога не выйшла. Дачакаліся яны - урадзіла жыта: у багатага – лепш, у беднага – горш. Пасля жніва склалі яны сваё жыта ў копы. У беднага жыта худое - і топчацца і травіцца, дык ён пайшоў сцерагчы на ноч. А палосы ў полі з братам разам былі. Глядзіць – ходзіць па братавай паласе бурая карова, збірае калоссе, і па чужых палосах ходзіць ды ў багатага брата капу нясе. Тады прыйшла й на яго паласу і давай шчыпаць калоссе з яго капы. Тады ён, бедны брат, з-за капы скок! Паймаў за рогі гэтую карову і стаў яе біць, схапіўшы цапком. 
- Што ты? - кажа, - Воўк цябе рэж! Што ты такая за карова: дзе многа, туды й носіш, у нашых палосах бярэш? 
Яна кажа яму: 
- Я - не карова, а твайго брата Шчасце! 
- Ну што ж - я яшчэ буду цябе біць: пакажы, дзе маё Шчасце! 
- Ды я пакажу і тваё Шчасце, не бі толькі мяне! Ідзі, ў такім-та гамонішчы стаіць ліпа дуплінатая. І ў тэй ліпе тваё Шчасце ў карты гуляе з іншымі. Ты йдзі і бяры яго за хахол! 
Ён пусціў тую карову і пайшоў к ліпе. Прыйшоў, глядзіць – два ліцы гуляюць у карты. Ён тады тое за лоб, што карова ўказала: 
- Ты што ў карты гуляеш, а на мяне забываеш? 
Яно тады кажа: 
- Стой, не біся! Ты не тым занімаешся! Я б табе памагало, дык табе не трэба ні араць, ні касіць, а трэба табе займацца гандлем! 
- А ён пытае: 
- Як мне займацца гандлем – грошай ў мяне няма? 
- Ну вось, на табе на асігнацыю два грошы, ідзі на кірмаш і купі сабе, што трапіцца! 
Ён прыйшоў на кірмаш: нясе чалавек вялікую шчуку прадаваць, перакінуў цераз плячо і носіць. Ну, ён, гэты бедны чалавек, думае: 
- Што купіць? Купіць бы сабе гэтую рыбу – але ж грошай толькі два грошы ў мяне! 
Прыходзіць да гэтага чалавека і думае: куплю - не куплю, а хоць патаргую, што ён за яе просіць. І пытае: 
- Што табе за рыбу? 
Ён сказаў там капеек дваццаць ці трыццаць, а ў беднага толькі два грошы. Ён кажа: 
- Я б табе даў больш, ды няма ў мяне. Бяры, калі хочаш, два грошы! 
Гэты чалавек насіўся – насіўся з гэтаю рыбаю – не дае ніхто больш. Ён сустракае беднага ды кажа: 
- Больш ніхто не дае, то давай два грошы, бяры рыбу, пакармі дзяцей! 
Бедны аддаў яму два грошы, узяў рыбу. Так ён прынёс гэтую рыбу дамоў і загадаў гаспадыні абчысціць. Гаспадыня накарміла семяйства, а астатняе вынесла вон. 
Бліжэй да ночы просяцца да беднага начаваць два купцы. Ён кажа ім: 
- Я рады бы пусціць вас, спадарове, дык мая хата брудная для такіх людзей! 
А яны гавораць: 
- Ну што ж, у дарозе здараецца ўсяк: ідзе худа, ідзе добра, мы гатовыя ў цябе пераначаваць! 
Ён пусціў іх нанач, згатаваў рыбы, даў павячэраць – прыняў іх, чым мог. Потым яны пагасілі агонь і ляглі спаць. Так нутры з гэтай рыбы сталі ззяць. Яны будзяць гаспадара: 
- Што ў цябе гэта? 
Ён гаворыць: 
- А то я загадаў гаспадыні выкінуць нутры з рыбы вон, а яна, баба, кінула тут. Што, можа вам смярдзіць? 
Яны гавораць: 
- Не, гэта добра, што яна не выкінула. Ты нам прадай гэтыя нутры! 
Ён гаворыць: 
- Я не знаю, што яны каштуюць! 
А яны: 
- Мы ведаем, мы не хочам цябе пакрыўдзіць! 
Паглядзелі яны – у гэтых кішках каштоўныя камяні. Яны яму далі грошай, колькі мелі. 
Потым, грошы гэтыя атрымаўшы, ён узрадаваўся: зноў пачаў спраўляць гаспадарку, як у брата, купіў хлеба, справіў коней. Ну, потым, ці многа, ці мала пажыў – зжыўся зноў, не шэньціць яму. Ну, зноў пайшоў к ліпе шчасця шукаць. 
Як ён прыйшоў, явілася яна яму і гаворыць: 
- Я табе не казала гэтым займацца! 
Дае яна яму валасяную торбу і кажа: 
- Як захочаш есці, дык гавары: стол з торбы! 
Ну, пайшоў ён дамоў. Прайшоў трохі з гэтай торбай - канешне, есці хочацца, і надта ж цікава, што пакажацца з торбы. Так ён сказаў: 
- Стол з торбы! 
З'явілася яму ўсё: хлеб-соль, і піць і есць – што яму заўгодна. 
Ну, потым, пажыў ён з гэтаю торбаю, усім задаволены. Але ж не бачыць ніхто багацця! Давай тады з братам мяняць: брат яму даў коней, кароў - усё, а ён брату торбу. 
Ну, брат разумны, думае: нашто мне працаваць, калі можна не работаючы жыць, і піць, і есці. Ну, а тэй зноў пражыў усю гаспадарку, і зноў стаў бедны. Зноў трэба ісці к ліпе прасіць Шчасця. Прыходзіць к ліпе, з'яўляецца яму яго Шчасце: 
- Ну, нашто ж ты згубіў сваю торбу, што я табе дала? Ты быў сыты з сямействам! Хто ж табе вінаваты, што ты дурань! Вучыць цябе трэба. Ну, дала ж я табе валасную торбу, а цяперака на табе залатую торбу. З гэтай торбай, як захочаш піць ды есці, скажы: “Два з торбы!” А як будзеш сыты, дак гавары: “Два ў торбу!” 
Ну, пайшоў ён дамоў. У дарозе цікава яму стала. Ну і сказаў: 
- Два з торбы! 
З'явіліся яму два малайца з дубінамі і давай яго карміць дубінамі, у два дручка, што не ўмеў жыць. Пакуль з гэтыя чэсці не ўздумаў сказаць: 
- Два ў торбу! – дык яны ўсё яго дулі. Ну, тады прыйшоў ён к брату з той торбаю. І хваліцца брату: 
- Ну во, брат, тая торба была хараша, што я табе аддаў, ну, а сабе дастаў лепшую – залатую! 
Той давай прасіць яго: 
- Давай, брат, змяняем! 
Ну, вядома, змянялі. 
- Ну, вось жа брат, на гэтую торбу ўжо не кажы: “Стол з торбы!”- а кажы: “Два з торбы!” А як станеш сыты, кажы: “Два ў торбу!” 
Узяў бедны сваю валасяную торбу і стаў жыць добра. Наўчылі яго два з торбы, як жыць. І гаспадарку багатага звёў, і торбай сваёю забраў ды залатой яго надзяліў. 
А багаты стаў рады набытку. Спатрэбілася яму піць-есці, ён і кажа: 
- Два з торбы! 
Ну, з'яўляюцца два з торбы з дручкамі і давай таўчы яго, пакуль ён не ўздумаў сказаць: 
- Два ў торбу! 
Ну, і стаў жыць сваёй працаю. 
http://www.dzietki.org/

На гэтым сайце можна знайсці гэту і шмат іншых беларускіх народных казак

Прыказкі з капелюша

Без працы пірагоў не есці
Работа і корміць, і поіць
Ад ляноты чакай бядоты
У добрага чалавека заўсёды многа добрых людзей
Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца
Па кветках яблыкаў не лічаць
Адна пчала многа мёду не наносіць
Рада з людзьмі ніколі не шкодзіць

- Якой тэмай можна аб'яднаць усе прыказкі?

Загадкі-жарты

Хто ляціць без крылаў?
Што без вады плыве?
Што чалавеку самае мілае?
Што хутчэйшае за ўсё на свеце?
Што размаўляе на ўсіх мовах?
Што ў першы дзень года пачынаецца, а ў апошні канчаецца?



Урок 
пазакласнага чытання на тэму

 "Зімовыя замалёўкі".

Прапаную наступныя творы


Максім Багдановічbagnanovich.jpg
Зімой             
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
I волен лёгкіх санак бег.

Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць,
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.

Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
I рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.

Ўзрывайце ж іх санямі, коні!
Звіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
Ў грудзях пачала кроў кіпець.

Якуб КоласKolas.jpg

Дзед-госць                      

Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам.

Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай посцілкай-кажухам.

Дзеда ўсюды носяць ногі,
І к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.

А ялінка!.. Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.

Тут лісічка, зайчык, мышка,
Рыбкі, буслік даўгавязы.
А як ззяюць на ёй шышкі,
Нібы ў іх гараць алмазы!

Каля ёлкі карагоды,
Песні, гутарка жывая,
А той дзед белабароды
Толькі ў вусы смех пускае.

Дык рассунем кола шырай,
Патанцуем на памосце,
Песняй звонкай, песняй шчырай
Прывітаем дзеда-госця.

Яўгенія Янішчыцjanishchyc.jpg
Зімовае                


Цячэ сняжок і зорамі іскрыцца,
Завеямі, сумётамі вядзе.
О сэрцайка, не дай мне памыліцца
Ні ў шчырасці, ні ў ласцы, ні ў бядзе.
Люблю цябе, зімовая дарога,
Твой тонкі лёд плывучы, як са шкла,
І мо радней той чалавек, якога
I Бог забыў, і слава абышла.
Ён тут жыве — сярод снягоў і пушчаў.
Ён не са сцэны любіць і пяе.
Ён сам, як гэты свет сляпы й відушчы,
На гук, на смак зямельку пазнае.
Разумнік, не спяшаецца з адказам,
У барадзе схаваўся мудры смех.
...Чакаю міг, калі зліюцца разам
Фантазія, рэалія і снег.

       Зіма кранае душу не толькі пісьменнікам і музыкантам, але нават і спартсменам! Глядзім з захапленнем!


Комментариев нет:

Отправить комментарий